“Але ж Біблія кажа…”: каталіцкае разуменне Рымлянаў 1

EnglishNederlandse

У гэтага тэксту дзіўны загаловак, бо мала хто з каталікоў перарываў бы тэалагічную дыскусію фразай: “Але ж Біблія кажа…” І гэта не столькі вынік славутай неабазнанасці каталікоў у Пісанні, колькі тое, што спасылка на аўтарытэт каталікамі рэдка калі прымае форму непасрэднай апеляцыі да Бібліі. Больш верагодна, што аргумент гучаў бы як: “Але ж Святы Айцец кажа…”, або “Але ж у Катэхізме напісана…”. Калі так, то навошта нам спрабаваць чытаць па-каталіцку першы раздзел Ліста да Рымлянаў?

Дзве рэчы заахвоцілі мяне звярнуцца да гэтае тэмы. Па-першае, я вырас у сям’і эвангельскіх пратэстантаў, і першы раздзел Ліста да Рымлянаў быў для мяне тэкстам тэрору, які асацыяваўся з эмацыйным і духоўным знішчэннем, – тэкст, які выклікае паралюш. Таму, калі ўжо мне атрымалася станавіцца ўсё больш свабодным ад гэтага тэрору, мае сэнс паказаць дарогу іншым, хто, якой бы іх канфесійная прыналежнасць ні была, могуць пакутваць ад зняволенага сумлення як вынік пэўнага прапанаванага ім разумення дадзенага фрагмента Бібліі. І другая прычына, не менш важная на маю думку: у выніку спрэчак у Англіканскай Царкве з-за біскупскіх прызначэнняў па абодвух баках Атлантыкі [1] з’явілася агромністая колькасць публікацый, якія бясконца паўтаралі, што “Біблія вельмі выразна кажа…” пра тое ці іншае. Больш за тое, зноў і зноў паўтаралася, што тыя, хто думаюць, што геі мусяць мець права на шлюб або што нельга забараняць геям быць біскупамі, нейкім чынам адмаўляюць відавочныя і непарушныя забароны. Думку, што “Біблія вельмі выразна кажа”, амаль без якога-кольвек роздуму падхапілі СМІ, якім аказалася найпрасцей прадставіць спрэчку так, нібыта яна была паміж кансерватарамі, хто ставіцца да Бібліі сур’ёзна і таму супраць геяў, і лібераламі, якія не ставяцца да Бібліі сур’ёзна, а таму яны – не супраць геяў. Такім чынам, Біблія стала прадметам усеагульнай публічнай пацехі.

Мне падаецца, што праўда якраз у адваротным: толькі з дапамогай вельмі мадэрнага і ліберальнага разумення Пісання яго можна пераўтварыць у зброю супраць геяў, і тыя, хто адмаўляюцца так зрабіць, больш традыцыйная ў сваім падыходзе да Бібліі. Я пагаджуся, што ў цяперашнім свеце мае словы выглядаюць супярэчнымі інтуіцыі, а таму мне спатрэбіцца крыху часу, каб паказаць, што існуе як мінімум адзін цалкам прыстойны каталіцкі шлях прачытання Рымлянаў 1, які б даў нам магчымасць пабачыць усё ў адрозным святле. Яшчэ перад тым, як прачытаць цалкам наш тэкст з Рымлянаў, я хацеў бы звярнуць увагу на два моманты, якія стануць добрым пачаткам для ўсёй дыскусіі. Напэўна, кожнаму з нас сэнс наступнага фрагмэнта падасца відавочным і простым:

Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстанне на проціпрыроднае. (Рым 1:26)

Думаю, што ў англамоўным свеце большасць з нас адразу пагадзілася б: “Гаворка тут выразна і адназначна пра леcбіянства, і адмаўляць гэта мог бы толькі біблейны экзэгет з тайнымі ідэалягічнымі матывамі”. Усё, што я магу на гэта сказаць, гэта тое, што існуе некалькі каментароў з даўніх стагоддзяў на гэты тэкст. Ніводны з іх не звязвае нашага фрагмента з лесбіянствам. І Аўгустын, і Клямент Александрыйскі бачылі ў ім жанчынаў, якія мелі анальныя сексуальныя стасункі з мужчынамі. Наколькі нам сёння вядома, Ян Залатавусны быў першым з Айцоў Царквы, хто пабачыў у дадзеным урыўку лесбіянства, пра што напісаў у адной са сваіх казаняў у канцы IV стаг.

Такім чынам, маё першае сцярджэнне: няважна, хто мае большую рацыю наконт таго, што апастал Павел меў наўвазе. Адна рэч застаецца неаспрэчнай: тое, што сучасныя чытачы прымаюць за “відавочны сэнс тэксту”, быў зусім невідавочным для Аўгустына, хто цягам многіх стагоддзяў меў статус асабліва аўтарытэтнага інтэрпрэтатара Пісання. Таму сьцвярджэнне пра непарыўную традыцыю разумення гэтага тэксту ў кантэксце лесбіянства не мае ніякай асновы. На працягу вельмі доўгага часу ў Каталіцкай Царкве было нормай чытаць гэты фрагмэнт без дапушчэння таго, што Павел меў наўвазе лесбіянства, а таму ніводзін каталік не абавязаны разумець гэты тэкст у кантэксце лесбіянства. Больш за тое, цалкам прымальным для каталіка было б сцвярджаць, што ў Святым Пісанні няма ніводнай спасылкі на лесбіянства, бо адзіны тэкст-кандыдат быць такой спасылкай, як мы бачым, разумеўся зусім інакш цягам першых стагоддзяў хрысціянства. Гэты негатыўны аргумент выразна паказвае, што каталік не абавязаны згаджацца ані з тым, што словы св. Паўла маюць відавочны сэнс, ані з тым, што гэты фрагмент мае дачыненне да лесбіянства.

Мой другі аргумент будзе крыху больш афірматыўны. Як вучыць Каталіцкая Царква, каталікі маюць абсалютны абавязак пазбягаць некаторых формаў таго, што царкоўныя ўлады называюць “актуалізацыяй” тэкстаў. Пад актуалізацыяй яны маюць наўвазе прачытанне старажытных тэкстаў такім чынам, нібыта яны наўпрост датычаць сучасных рэаліяў. Калі ласка, памятайце, што гэта не проста меркаванне, а афіцыйнае вучэнне Пантыфікальнай біблійскай камісіі, упаўнаважанай навучаць таму, як чытаць Пісанне. У дакумэнце “Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Царкве” (1993 г.) гаворыцца:

Таксама не павінна рабіцца ніякай спробы актуалізацыі з мэтай, супярэчнай евангельскай справядлівасці і любові, напрыклад, выкарыстоўваць Біблію для апраўдання расавай сегрэгацыі, антысемітызму або сексізму, як мужчынскага, так і жаночага. Асаблівую ўвагу трэба зьвяртаць […] каб пазбягаць абсалютна любой актуалізацыі некаторых тэкстаў Новага Запавету, якія маглі б спрычыніцца або паглыбіць негатыўнае стаўленне да габрэяў. (Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Царкве, IV.3)

У гэтым дакуменце камісія прапанавала незавершаны спіс верагодных формаў актуалізацыі Святога Пісання, пра што слова “напрыклад” і сведчыць. Камісія звярнулася да найважнейшай з усіх магчымых непрымальных формаў актуалізацыі, а менавіта да таго, як грэцкая фраза ‘οι ’Ιουδαιοι, найперш у Евангеллі ад Яна, можа перакладацца і разумецца. Калі следаваць духу дакумента, той, хто перакладае і разумее ‘οι ’Ιουδαιοι літаральна як “габрэі” і адносіць гэта да ўсяго габрэйскага народа, ці то ў наш час, ці то ў мінулым, перакладае і разумее тэкст менш акуратна, і адназначна менш у еднасьці з Царквой, чым той, хто перакладае і разумее нелітаральна, як, скажам, “габрэйскія начальнікі” або “мясцовыя кіраўнікі” – тыя, каго, безумоўна, Евангелле ад Яна проста называе габрэямі.

Калі ўзяць па увагу істотную ролю габрэйскага народа і адносінаў паміж габрэямі і Царквой для развіцця хрысціянскай дактрыны, і калі мы закліканыя пазбягаць абсалютна любой актуалізацыі тэксту, то наступнае сцвярджэнне будзе як мінімум разумным, калі не вартым заахвочвання як менавіта кіраўніцтва да каталіцкага прачытання тэксту, датычнага рэчаў, менш важных за габрэйскае пытанне: “Калі ёсць верагоднасць абмежаванасці старажытнага значэння тэксту, якое наўпрост не транслюецца ў сучасныя катэгорыі, або калі пашыранае тлумачэнне старажытнага тэксту сучаснымі паняткамі ў адносінах да сучасных людзей, катэгарызаваных такі чынам, мае эфект, супярэчны любові, перавага павінна быць аддадзена старажытнаму значэнню перад актуалізаваным.”

Такім чынам, мы маем дзве ўводныя высновы: па-першае, каталік не абавязаны разумець Рымлянаў 1 так, нібы гэты тэкст мае выразнае значэнне для сучаснага чытача. Па-другое, з увагі на магчымасць абмежаванасці старажытнага значэння і патэнцыйна шкоднага эфекта на сучасную катэгорыю людзей сучаснага пашыранага разумення, каталіцкае прачытанне павінна аддаць перавагу абмежаванаму старажытнаму значэнню.

Цяпер да самога тэксту. Прачытайце яго двойчы. Першы раз у агульнапрынятай форме, якую пабачыце амаль у кожным сучасным біблейскім перакладзе. Другі раз – дакладна той самы тэкст, у тым самым перакладзе, але без фрагментаў, якія св. Павел не пісаў: без нумарацыі раздзелаў і вершаў. Паршапачаткова падзел на раздзелы, а потым і на вершы быў зроблены ў сярэднявеччы, каб спрасціць пошук у тэксце – як каталог дапамагае знайсці кнігу ў бібліятэцы. Безумоўна, Павел не пісаў Ліст да Рымлянаў з падзелам на раздзелы і вершы. Ён пісаў ці, хутчэй, дыктаваў, грэцкай прозай, амаль без знакаў прыпынку. Вы пабачыце, што ўвядзенне нумарацыі сур’ёзна паўплывала на замацаванне пэўнага разумення тэксту.

Не прамініце таксама інтанацыі. Першы раз прачытайце з напышлівым тонам аятолы Паўла, падобнага на Чарлтана Хестана [2], які толькі што зышоў з гары Сінай і з запалам дыктуе адназначныя словы Госпада пра беззаконні. Я спадзяюся, што вы пабачыце, што тон, зь якім мы прамаўляем ці які чуем, настолькі ж важны для стварэння на выгляд відавочнага сэнсу, як і самі словы. Другі раз прачытайце салодкім тонам рабіна Паўла, спадчынніка багатай традыцыі іранічнага чытання, для каго насміхацца і цвяліць было звычайнай справай. Не падумайце, што калі я называю Паўла рабінам, я спрабую прынізіць яго апостальскі аўтарытэт, які б нейкім чынам быў бы захаваны, калі б мы чыталі тонам аятолы. Рабінскі стыль і рыторыка ні ў якім разе не прынізяць яго аўтарытэту, бо ён, апостал, быў надзвычай добра адукаваны ў рабінскай традыцыі інтэрпрэтацыі. Я спадзяюся, што сэнс другога чытання стане настолькі ж зразумелы для вас, наколькі ён зразумелы мне цяпер. Такім чынам, вось фрагмент з Рымлянаў 1:14 і да канца першага раздзела:

[14] Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; [15] дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Евангелле і вам, каторыя ў Рыме. [16] Бо ня стыдаюся Евангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсць на збаўленне кожнаму, хто веруе, спярша Жыду, а потым і Грэку. [17] Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю. [18] Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. [19] Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; [20] бо невідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэння свету праз разважанне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўдання [21] за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаннях сваіх, і прыцмілася неразумнае сэрца іх: 22 кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі [23] і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацвёраногіх, і гадаў. [24] Дык і аддаў іх Бог у пажаданнях сэрцаў іх нячыстасці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. [25] Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэнню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін. [26] Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстанне на проціпрыроднае. [27] Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстанне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд. [28] I, як яны не рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, [29] і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасцю, прагавітасцю, злосьцю[. Яны] напоўнены зайздрасцю, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; [30] яны звяглівыя манюкі, боганенавіснікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, [31] неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя. [32] Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты смерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але і пахваляюць тых, хто робіць.

Перш чым прачытаць урывак зноў, варта звярнуць увагу на некалькі момантаў. Наколькі можна судзіць, Павел пісаў гэты ліст з Карынта. Выглядае, што ліст адрасаваны дзьвюм групам хрысціянаў, з якіх складалася царква ў Рыме: габрэяў у дыяспары, якія верылі ў Хрыста, і паганцаў, г.зн. негабрэяў, якія таксама верылі ў Хрыста. Падобна, што гэтыя дзве групы не суіснавалі спакойна, але пастаянна супернічалі паміж сабой, бо ахрышчаныя габрэі лічылі сябе лепшымі за ахрышчаных негабрэяў і наадварот. Павел нейперш звяртаецца да габрэяў-хрысьціян. Ён тлумачыць ім, што хоць усе скарбы Адкрыцця былі дадзены праз габрэйскі народ, яны не лепшыя за негабрэяў, бо збаўленне праз Хрыста ім патрэбна дакладна ў той жа ступені, што і тым, хто не належыць да габрэйскага народа. Потым Павел звяртаецца да негабрэяў, каб сказаць, што яны не вышэйшыя за габрэяў, бо ніколі не мелі Закона і ім таксама патрэбна Хрыстовае збаўленне. Павел намагаецца пераканаць, што Хрыстовае збаўленне патрэбнае ўсім людзям, бо ўсе зграшылі, усім без выключэння патрэбна ласка. Наколькі вядома мне, такі падыход да разумення Ліста да Рымлянаў прыняты большасьцю біблістаў самых розных гатункаў, і ў такім разуменні няма нічога незвычайнага.

Звярніце ўвагу на верш, які мы не чуем, калі чытаем першы раздзел Рымлянаў, бо з гэтага верша пачынаецца наступны раздзел:

Дык няма выбачэння табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы.

Мне падаецца дзіўным пачынаць новую дыскусію або раздзел са злучніка “дык” у значэнні “таму, такім чынам” [3]. Звычайна гэта слова ўказвае на выснову да папярэдняй дыскусіі: усё, пра што раней гаварылася, цяпер стане зразумелым. Дапусьцім, што мы не мелі б верагоднага манускрыпта з пачаткам Ліста да Рымлянаў, а толькі ведалі б, што часткі тэксту бракуе, і тое, што мы маем, пачынаецца тым, што мы цяпер называем Рым 2:1. Думаю, кожны з нас паставіў бы на кон апошні рубель, што ўсе спробы рэканструкцыі тэксту, якога не хапае, будуць грунтавацца на дапушчэнні, што якім бы дакладна той фрагмэнт не быў, ён нейкім чынам мусіў бы паказаць, што ніхто не мае права асуджаць іншага. І калі ўзяць пад увагу тэкст, які мы называем другім і трэцім раздзеламі, які аргументуе супраць перавагі габрэяў над негабрэямі ў Царкве, то вельмі верагодна, што экзэгеты пагадзіліся б, што тэкст, якога не хапае, хутчэй за ўсё быў бы дыскусіяй, што вяла б да высновы, што якімі б ні былі знакі перавагі габрэяў-хрысьціян, яны ў той самай сітуацыі, што і негабрэі, па-сутнасці.

Таму не будзе вялікім сюрпрызам пачуць, што тэкст першага раздзела Рымлянаў, якім мы ведаем яго, выдатна адпавядаў бы здагадкам тых адукаваных экзэгетаў, хто б грунтаваў свае высновы на аналізе Рым 2:1 – вершы, які забараняе асуджаць іншых. Вось як рабін Павел кажа пра тое ж:

Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсць на збаўленне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю.

Тут Павел выразна раскрывае свае намеры і абгрунтоўвае для жыдоўскіх слухачоў, каму, быць можа, яго пазітыўнае стаўленне да негабрэяў не падабалася, неабходнасць сваёй місіі. Далей ён працягвае казаць мовай, якую кожны адукаваны габрэй добра ведаў: ён амаль цытуе з Кнігі Мудрасці (часам называнай Кнігай Мудрасці Саламонавай), частка якой – габрэйская апалагетыка супраць беззаконняў паганскага ідалапаклонства. Прапаведнікі Майсеевай веры, якія былі амаль у кожным міжземнаморскім горадзе, прываблівалі людзей ад паганскіх культаў да габрэйскага монатэізму і казалі звычайна тое, што і Кніга Мудрасці. Словы Паўла і Кнігі Мудрасьці [4] надзвычай падобныя ў сваім аналізе ідалапаклонства:

Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэння сьвету праз разважанне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўдання за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаннях сваіх, і прыцмілася неразумнае сэрца іх: кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацвёраногіх, і гадаў.

Такім чынам, мы маем тут прыклад стандартнай габрэйскай палемікі супраць паганцаў у прынцыпе: абвінавачванне ў замене – іншымі словамі, скажэнні і здзеку, – славы Божай на ідалаў. Усе слухачы і чытачы Паўлавых словаў дакладна ведалі, пра што гаворка, бо антычныя гарады былі поўныя паганскіх храмаў з выявамі багоў, багіняў, катоў, шакалаў, кракадзілаў, зьмеяў, Ізіды, Анубіса, Мітры і г.д.

Дык і аддаў іх Бог у пажаданнях сэрцаў іх нячыстасці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэнню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін.

Як і Кніга Мудрасці, што спрабуе патлумачыць сувязь паміж ідалапаклонствам і крыніцай усяго зла, Павал кажа пра тое адно зло, з якога пачынаецца ўсё іншае нядобрае: таму што негабрэі сталі пакланяцца паганскім багом, яны ў выніку сталі ахвярамі саромных жарсцяў. Няцяжка заўважыць, што Паdtk гуляе з аўдыторыяй, са сваімі слухачамі, бо перарывае сваю палеміку захопленым “амін” пасьля ўзгадкі Творцы:

які багаслаўлены навекі, амін.

На такі вокліч у пяцідзесятніцкай царкве мы пачулі б галасы слухачоў: “Алілуя” або “Малойца, браце!” Гэта прыклад рыторыкі дзеля пераканання аўдыторыі, што я – з вамі, я ваш, можаце разлічваць на мяне. Павел робіць гэта з пэўнай мэтай, што мы і пабачым далей. Ён працягвае:

Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстанне на проціпрыроднае. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстанне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд.

Павел пералічвае менавіта тыя рэчы, што ў ягоныя часы мелі месца ў паганскіх храмах і па-за імі па ўсім Міжземнаморскім свеце, – менавіта так, як і аўтар Кнігі Мудрасці, чыё апісанне нават больш дэталёвае, чым Паўла. [5] Напрыклад, жанчыны пераапраналіся сатырамі з вялікімі фаласамі, каб быць тымі, хто пенетруюць, а не пенетраванымі ў полавых стасунках з партнёрамі-мужчынамі. Падобна, што не пол партнёра, а менавіта такое травесці, абмен ролямі, скандальнае для патрыярхальнага розуму, і прыгадваецца тут як рэч непрымальная. Клямtнт Александрыйскі пра гэта так сказаў:

І таму дзетараджэнне сярод геенаў нячастае, бо сеюць семя сваё яны насуперак прыродзе… Такіх бязбожнікаў “аддаў … Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстанне на проціпрыроднае…” Але прырода не дазволіла нават самым адчувальным жывёлам злоўжываць сэксуальна тым праходам, што для экскрэментаў прызначаны… Парушаючы натуральны парадак, мужчыны прымаюць ролю жанчынаў, а жанчыны, насуперак прыродзе, прымаюць ролю мужчынаў… Няма шляхоў, закрытых для злой пажаднасці. Іх сэксуальнасць навідавоку ва ўсіх, бо распуста іх лепшы сябар. [6]

Ёсць даволі шмат сведчанняў пра рэчы, якімі мужчыны бавілі сябе ў старажытныя часы. Несумненна, што былі такія культы як Кібелы, Аціса або Афрадыты. Найвялікшы храм апошняй, кажуць, меў да тысячы храмавых прастытутак. Ён быў у Карынце, адкуль Павел, напэўна, і пісаў свой ліст, і гэты культ незадоўга перад тым быў завезены таксама ў Рым. Пераапрананне ў вопратку асобаў іншага полу было адным зь яго адметных элемнтаў. У дадатак абрадавыя дзеі ўключалі ў сябе неўтаймаваныя оргіі, падчас якіх мужчыны дазвалялі быць пенетраванымі. Захопленыя ў шаленстве, яны часам кастравалі сябе і станавіліся еўнухамі, а такім чынам і святарамі Кібэлы, для якой – што было агульным для для ўсіх культаў Маці Багіні, – перакрочванне гендарных межаў было асабліва важным. Такія кастраваныя, каго часам называлі “галіямі”, бадзяліся паўсюль, як хіджры ў сучаснай Індыі, бо, як тады верылі, жыццярадасныя еўнухі мелі магічныя здольнасці і дар прадказвання. [7]

Тым, каму Павел пісаў свой ліст, падобныя тлумачэнні былі залішнія, бо ўсё гэта было часткай паўсядзённага жыцьця Міжземнамор’я таго часу. Калі Павел кажа пра належную адплату за блуд, магчыма, ён мае наўвазе кастрацыю або агульную дзівацкую натуру іх паводзінаў і выгляду. Адзінае пэўна, што аўдыторыя Паўла добра ведала, пра што гаворка, бо любы рэспектабельны габрэй сказаў бы, што гэта менавіта тыя ідыёцкія рэчы, нявольнікамі якіх сталі паганцы ў выніку свайго ідалапаклонства.

Звярніце ўвагу на адразу незаўважнае, а менавіта тое, што Павел паціху рыхтуецца прынізіць гонар тых, хто сам напрошваўся, каб спатыкнуцца. Пасля вельмі яркага апісання выразна паганскіх практыкаў, што б дазволіла габрэйскім слухачам з гонарам параўноўваць сябе з глупымі “тымі” (ідыёцкімі і глупымі, а не кепскімі і злымі, бо Павел кажа пра рытуалістычную чысціню і бессаромнасць, а не пра маральнасць і зло), ён працягвае – усё гэтак жа гаворачы пра “тых, іншых”, – але ўжо цяпер кажа пра рэчы нашмат больш сур’ёзныя, а менавіта пра тое, што з сэрца людзей паходзіць. І, канешне, ён усё гэтак жа трымае слухачой на сваім баку:

I, як яны не рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасцю, прагавітасцю, злосцю.

Няцяжка ўявіць, што мы дагэтуль у той сітуацыі, калі слухачы Паўла здольныя крыкнуць: “Малойца, браце!” – бо гэта рэчы, чуць якія яны былі прызвычаеныя. Але Павел не спыняецца. Пасьля “глупых” рэчаў, што сэрцы іх, паганцаў, поўныя, ён бярэцца за рэчы, якія, быць можа, выглядаюць ня такімі ўжо незвычайнымі і страшнымі – тыя рэчы, пра што мы ўсе збольшага прызвычаеныя чуць:

[Яны] напоўнены зайздрасцю, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; яны звяглівыя манюкі, боганенавіснікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя.

І вось тут мы ўжо апынаемся на крохкім ільдзе… Магчыма, слухачы і чытачы ліста ўжо пачалі адчуваць дыскамфорт ад спісу заганаў, ніводная з якіх не датычыць сексуальных паводзінаў, бо пра нешта яшчэ нагадвае гэты спіс – да болі знаёмае. Перад тым, як раскрыць свае карты, Павел апошні раз дзме ў антыпаганскі горн:

Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты смерці; аднак, яны не толькі гэта робяць, але і пахваляюць тых, хто робіць.

Няцяжка пабачыць, чаму тыя, хто рабіў падзел Паўлавага ліста, тут завершылі першы раздзел: гучыць так, нібы аўтар спыніўся, каб перавесьці дух. Але гэта не канец ягонай думкі, бо самае вострае яшчэ наперадзе, без чаго дыскусія не была б поўнай:

Дык няма выбачэння табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы.

Цяпер вы можаце пабачыць, што апошняя фраза робіць з усім, што Павел сказаў перад тым. Іншымі словамі, ён кажа сваім слухачам: “Мы ўсе ведаем, якія ідыёцкія рэчы робяць паганцы, якія вар’яцкія абрады і оргіі яны ладзяць. І, пабачце, да якіх страшных вынікаў гэта вядзе: яны становяцца звяглівымі манюкамі – г.зн. пляткарамі, – і непаслухмянымі бацькам! Як неразумна яны паводзяць сябе! І як гэта непадобна на нас!” І зноў Павел спыняецца, але цяпер каб пабачыць першыя ўсьмешкі тых, хто ўжо пачаў цяміць, каго ён насамрэч мае наўвазе. Такі рытарычны прыём падрыхтоўкі слухачоў да падзення і лопання іх надзмутай ганарлівасці не меў бы сэнсу, калі б Павел сцьвярджаў, што яго слухачы робяць тыя самыя рэчы, што і паганцы: вар’яцкія цырымоніі і сексуальныя оргіі аж да кастрацыі. Але хоць Павел і не сцвярджае, што яго слухачы робяць гэтак жа, – і яны напэўна нават не снілі таго, – ён усё ж кажа, што ўсім ім уласціва жаданне аднога парадку. Жаданне таго самага кшталту, якое ўласціва таксама і паганцам, што рабілі глупыя рэчы, і менавіта гэта з’яўляецца істотным.

Паўла нарэшце пераключаецца з гаворкі пра іх на размову пра нас і гэты пераход ад яны да мы вельмі цікавы:

А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць.

Выглядае так, нібыта Павел зноў вяртаецца да нападкаў на паганцаў, што ведаюць яны пра волю Божую, але ўсё роўна робяць тое самае. Паўтарэнне абвінавачання, але цяпер ужо са словам мы вельмі падобна гучыць як: “Ці ведаюць яны пра суд Божы, ці не, але мы ведаем дакладна”. І цяпер ужо звяртаецца да саміх слухачоў – не толькі габрэяў ці хрысціянаў, а да людзей, да кожнага: ты, чалавеча…:

Няўжо ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое ж? Або багаццем дабраты, лагоднасці і доўгацярплівасці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяння? Але, праз упартасць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця праведнага суда ад Бога.

Пачынаючы адсюль, Павел будзе развіваць сваё разуменне таго, што праблема чалавека – у яго жаданні. Менавіта на ўзроўні змены ў парадку нашага жадання мы збаўлены Хрыстом і праз Хрыста – тое, чаго Закон, хоць і добры ў сабе, не мог зрабіць. Такі аналіз прывёў Паўла да разумення таго, што пазнейшыя пакаленні, пачынаючы ад Аўгустына, сталі называць дактрынай першароднага граху. Увесь ейны сэнс у тым, каб падтрымліваць жывым усьведамленне таго, што ад самага свайго пачатку чалавецтва пакутуе на адзін і той жа скрыўлены парадак жадання, а таму ніхто з нас не мае права судзіць іншых, бо, у адрозненні ад Бога, ніхто з нас не свабодны настолькі, каб судзіць без скрыўлення, што з’яўляецца ў нас у выніку нашага быцця часткай групы, грамадства. Гэта цалкам стасуецца з вучэннем Хрыста ў Евангеллях: калі фарысеі не маюць права судзіць прастытутак, то і габрэі не могуць судзіць паганцаў і наадварот.

Спадзяюся, цяпер вы бачыце, што можа быць яшчэ адно “відавочнае” прачытанне першага раздзела Ліста да Рымлянаў. Як толькі разумееш, што падзел на раздзелы і вершы – справа хутчэй густу, і што Паўлавы клопат найперш – гэта разбурыць салідарнасць, яка трымаецца на асуджэнні, тады становіцца магчымым пачуць голас апостала зусім у іншай танальнасці. Павел тут хутчэй экстравагантны, чым раззлаваны: дасціпны, рабіністычны, пераканаўчы Павел, а не чорна-белы, аўтарытарны і без іроніі. Ён паслядоўна рыхтуе сваіх слухачоў да падзення і сораму, каб у апошні момант паднесьці coup de grâce. Калі б вы хацелі самі пераканацца, што гэта адзіны правільны спосаб разумець Паўла, прачытайце ўголас сабе ці сябрам той фрагмент з Рымлянаў, які знойдзеце ў дадатку – без падзелу на вершы і разьдзелы. Пачніце чытаць голасам раздражненага, раззлаванага Паўла. Усё будзе добра, пакуль вы не дойдзеце да першага верша другога раздзела. Чытаць яго тым самым голасам аятолы проста не выпадае – вы мусіце будзеце спыніцца й перайначыць свой тон. Калі ж вы будзеце чытаць увесь фрагмент іранічным тонам рабіна Паўла, вы незаўважна пяройдзеце ад аднога раздзела да другога і зможаце пакаштаваць усю вытанчанасць яго пераканаўчага стылю.

Такім чытам, гэта і ёсць каталіцкае разуменне Рымлянаў 1. Адзіная пабочная рэч, прыўнесеная ў нашае разважанне з па-за тэксту, гэта некаторае веданне культавых практык антычнага свету, каб не спакусіцца на неміласцівую актуалізацыю тэксту – дакладна гэтак жа, як мы робім з ‘οι ’Ιουδαιοι у Евангелльлі ад Яна, калі абмяжоўваем сэнс гэтай фразы мясцовымі габрэйскімі ўладамі тагачаснай Палестыны. Сучаснае “відавочнае” прачытанне тэксту запатрабавала б прыўнясення ў яго нечага цалкам пабочнага: разумення “гомасэксуалізму” як таго, што Павел меў намер асуджаць, хоць гэтае мадэрны панятак не быў вядомы старажытнаму свету. Сучаснае “відавочнае” прачытанне становіцца палітычнай і рэлігійнай зброяй супраць сучаснай групы людзей. Думаю, мой выбар старажытнага і абмежаванага значэння цалкам адпавядае пазіцыі Пантыфікальнай білейскай камісіі.

Спадзяюся, цяпер становіцца зразумелым, што нават калі б было магчымым паказаць (хоць я не думаю, што гэта магчыма), што ў тэксце, які мы ведаем як Рым 1:26б-27, Павел кажа пра лесбіянак і геяў, гэты тэкст усё роўна не можа быць выкарыстаны для асуджэння гэтых людзей без сур’ёзнага гвалту ў адносінах да самога тэксту. Сэнс усё роўна быў бы накшталт такога: “Безумоўна, мы ведаем, што ёсць людзі, якія робяць ідыёцкія рэчы, але гэта не мае ніякага значэння ў параўнанні з тым, што насамрэч істотна: такія рэчы – проста сімптом сур’ёзнага скрыўлення жадання, ідэнтычнага ў вас, як і ў іх; і паколькі гаворка тут пра вас, то не асуджайце іх.”

Калі б вы хацелі самі пераканацца ў тым, што я маю наўвазе, то ўявіце сабе, што ў старажытным свеце габрэйскія прапаведнікі ўпэўніліся, што адна з рэчаў, да якой ідалапаклонства вядзе, гэта практыкаванне экстрымальных відаў спорту. У выніку, – уявіце, – яны забаранілі падобныя рэчы. Цяпер падстаўце ў тэкст “абсэйлінг” і “парапланерызм” замест таго, што для некаторых гучыць як “лесбіянства” і “гейскі секс”:

Жанчыны іх сталі скокаць, прывязаныя да гумовага каната. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы традыцыйныя сродкі транспарту, заняліся парапланерызмам: сорам робяць, простых птушак імітуюць на нечаканых узыходных паветраных плынях. Яны часта атрымліваюць належную адплату за сваю аблуду.

Уявіце цяпер, як лёгка хрысціянскі свет пакінуў бы такую старажытную забарону супраць выразна вар’яцкіх забаваў. Яе ігнаравалі б на той аснове, што Пісанне дыскутуе абсэйлінг і парапланерызм між іншых рэчаў у кантэксце забароны асуджаць іншых, а таму Пісанне ў прынцыпе не забараняе абсэйлінг і парапланерызм. Выпадак, калі такі спорт прыгадваецца ў Пісанні, не павінен уважацца за этычную інструкцыю.

На маю думку, першы разьдзел Рымлянаў проста не мае ніякага дачынення да таго, што мы сёння называем гомасэксуальнасцю. Спадзяюся, я выразна паказаў, што гэты тэкст можна чытаць такім чынам, каб захаваць яго цэльнасць, з пашанай і ў згодзе са св. Паўлам, і паказаць, што разважанне Паўла – істотны крок да фармулявання адной з важнейшых дактрынаў Царквы, а не палеміка супраць гомасэксуальнасці. Я, аднак, не сцьвярджаю, што прачытанне, прапанаванае мной, – адзінае сапраўднае прачытанне св. Паўла, што менавіта гэта і нічога больш ці менш, што ён меў наўвазе. Я не думаю, што адзіна магчымае прачытанне гэтага тэксту ўвогуле існуе. Я думаю, аднак, што ёсць лепшыя і горшыя разуменні тэксту і, больш за тое, ёсць больш каталіцкія і менш каталіцкія шляхі чытання Бібліі, бо чытанне тэксту ў Царкве – гэта бязмежна стваральнае практыкаванне ў праслаўленні Бога і стварэнні міласцівага сэнсу для нашых сёстраў і братоў, калі Дух, удыхнуты ў нас укрыжаваным і ўваскрослым Госпадам, авалодвае намі.

Мы падыйшлі да апошняга пункту, у якім сапраўдная прычына, чаму нам варта было паспрабаваць стварыць для сябе пачатак каталіцкага прачытання першага раздзела Рымлянаў. Занадта доўга мы цешылі сябе тым, што я назваў бы “каранкім” чытаннем Пісання. Для мусульманіна цалкам прымальна сцвярджаць, што Каран быў прадыктаваны Богам Мухамеду, а таму сам Каран мусіць чытацца так, нібы дадзены ўладаю з вышыні. Тэкст тады становіцца свайго роду пасярэднікам паміж Богам і чытачом, так што вернік зняволваецца зафіксаванымі словамі тэксту, які прадстаўляецца яму як “вось так проста” натхнёны Богам, і ў выніку вызваляе чытача ад абавязку браць адказнасць за сэнс, які ён ці яна надае тэксту. Але для каталіка такое разуменне непрымльнае, бо Царква, спадчыннік надзвычай багатай традыцыі стваральнага габрэйскага чытання, чытае Пісанне еўхарыстычна, бо для нас найважнейшая крыніца ўлады – не тэкст як такі, а ўкрыжаваная й жывая Ахвяра. Жывы сярод нас, Ён – жывая інтэрпрэтацыйная прысутнасць. Ён вучыць нас як адрабіць нашы гвалтоўныя і злыя шляхі адносінаў і як адшукаць шлях пакаяння й міру. Для нас “Слова Божае” – перадусім жывая асоба, і толькі па аналогіі – тэкст, які сведчыць пра Яго. Жывая герменеўтычная прысутнасць нашмат важней за тое, што яна інтэрпрэтуе. Менавіта гэта Ісус меў наўвазе, калі казаў фарысэям (Мц 9:13, 12:7):

Пайдзеце, наўчыцеся, што значыць: міласці хачу, а ня жэртвы.

І таксама:

Калі-б вы разумелі, што значыць: міласці хачу, а ня жэртвы, то не асудзілі б бязвінных.

У гэтым заключаецца настаўленне пра каталіцкае чытанне Пісання ад улады, якая нават больш важная за Пантыфікальную біблейскую камісію. І я рады адзначыць, што фрагмент з дакумента гэтай Камісіі, які мы чыталі напачатку, цалкам у згодзе з гэтым настаўленнем.

Наспеў час пачаць чытаць словы нашага брата Паўла – таго, хто пісаў да нас не з вышыні, але адтуль, дзе мы ўсе цяпер, з братэрскага ўзроўню, – еўхарыстычным чынам. Уявім яго разам з намі на еўхарыстычным спатканні, калі ён дае сведчыць пра Ўкрыжаванага і Ўваскрослага, і які адбітак Ён пакідае на нашых жыццях. І паспрабуем вучыцца прымаць словы Паўла праз прызму вачэй Госпада, хто ў самым цэнтры нашага спаткання, – вачэй Таго, хто так моцна любіў нас і хацеў быць з намі, што ахвяраваў сабою за нас, каб мы маглі разам з Ім і ў свабодзе ствараць поўны міласці свет, дзе няма слова яны, дзе мы можам глядзець адзін на другога вачамі, незацемненымі сакралізаванай наканаванасцю, і з сэрцамі, вольнымі ад зларадных заўвагаў кшталту: “Але ж Біблія кажа…”

Спасылкі і заўвагі

[1] Маюцца наўвазе падзеі 2003 г.: выбары япіскапальным (англіканскім ) біскупам у ЗША Джына Робінсана і вымушаная адмова стаць біскупам Джэфры Джона ў Англіі.

[2] Чарлтан Хестан (Charlton Heston, нар. 1924) – амерыканскі актор, які між іншых роляў граў Майсея ў “Дзесяці прыказаннях” (1956).

[3] Грэцкае διο.

[4] Пар. (Сінадальны пераклад):
Муд. 12 23 Посему-то и тех нечестивых, которые проводили жизнь в неразумии, Ты истязал собственными их мерзостями, 24 ибо они очень далеко уклонились на путях заблуждения, обманываясь подобно неразумным детям и почитая за богов тех из животных, которые и у врагов были презренными. 25 Посему, как неразумным детям, в посмеяние послал Ты им и наказание. 26 Но, не вразумившись обличительным посмеянием, они испытывали заслуженный суд Божий. 27 Ибо, что они сами терпели с досадою, то же увидев на тех, которых считали богами и чрез которых были наказываемы, они познали Бога истинного, Которого прежде отрекались знать; 28 посему и пришло на них окончательное осуждение.
Муд. 13 1 Подлинно суетны по природе все люди, у которых не было ведения о Боге, которые из видимых совершенств не могли познать Сущего и, взирая на дела, не познали Виновника, 2 а почитали за богов, правящих миром, или огонь, или ветер, или движущийся воздух, или звездный круг, или бурную воду, или небесные светила. 3 Если, пленяясь их красотою, они почитали их за богов, то должны были бы познать, сколько лучше их Господь, ибо Он, Виновник красоты, создал их. 4 А если удивлялись силе и действию их, то должны были бы узнать из них, сколько могущественнее Тот, Кто сотворил их; 5 ибо от величия красоты созданий сравнительно познается Виновник бытия их. 6 Впрочем, они меньше заслуживают порицания, ибо заблуждаются, может быть, ища Бога и желая найти Его: 7 потому что, обращаясь к делам Его, они исследуют и убеждаются зрением, что все видимое прекрасно. 8 Но и они неизвинительны: 9 если они столько могли разуметь, что в состоянии были исследовать временный мир, то почему они тотчас не обрели Господа его? 10 Но более жалки те, и надежды их – на бездушных, которые называют богами дела рук человеческих, золото и серебро, изделия художества, изображения животных, или негодный камень, дело давней руки.
Муд. 14 9 Ибо равно ненавистны Богу и нечестивец и нечестие его; 10 и сделанное вместе со сделавшим будет наказано. 11 Посему и на идолов языческих будет суд, так как они среди создания Божия сделались мерзостью, соблазном душ человеческих и сетью ногам неразумных. 12 Ибо вымысл идолов – начало блуда, и изобретение их – растление жизни. 13 Не было их вначале, и не во веки они будут. 14 Они вошли в мир по человеческому тщеславию, и потому близкий сужден им конец. 15 Отец, терзающийся горькою скорбью о рано умершем сыне, сделав изображение его, как уже мертвого человека, затем стал почитать его, как бога, и передал подвластным тайны и жертвоприношения. 16 Потом утвердившийся временем этот нечестивый обычай соблюдаем был, как закон, и по повелениям властителей изваяние почитаемо было, как божество. 17 Кого в лицо люди не могли почитать по отдаленности жительства, того отдаленное лицо они изображали: делали видимый образ почитаемого царя, дабы этим усердием польстить отсутствующему, как бы присутствующему. 18 К усилению же почитания и от незнающих поощряло тщание художника, 19 ибо он, желая, может быть, угодить властителю, постарался искусством сделать подобие покрасивее; 20 а народ, увлеченный красотою отделки, незадолго пред тем почитаемого, как человека, признал теперь божеством. 21 И это было соблазном для людей, потому что они, покоряясь или несчастью, или тиранству, несообщимое Имя прилагали к камням и деревам. 22 Потом не довольно было для них заблуждаться в познании о Боге, но они, живя в великой борьбе невежества, такое великое зло называют миром. 23 Совершая или детоубийственные жертвы, или скрытные тайны, или заимствованные от чужих обычаев неистовые пиршества, 24 они не берегут ни жизни, ни чистых браков, но один другого или коварством убивает, или прелюбодейством обижает. 25 Всеми же без различия обладают кровь и убийство, хищение и коварство, растление, вероломство, мятеж, клятвопреступление, расхищение имуществ, 26 забвение благодарности, осквернение душ, превращение полов, бесчиние браков, прелюбодеяние и распутство. 27 Служение идолам, недостойным именования, есть начало и причина, и конец всякого зла, 28 ибо они или веселясь неистовствуют, или прорицают ложь, или живут беззаконно, или скоро нарушают клятву. 29 Надеясь на бездушных идолов, они не думают быть наказанными за то, что несправедливо клянутся. 30 Но за то и другое придет на них осуждение, и за то, что нечестиво мыслили о Боге, обращаясь к идолам, и за то, что ложно клялись, коварно презирая святое. 31 Ибо не сила тех, которыми они клянутся, но суд над согрешающими следует всегда за преступлением неправедных.

[5] Гл. перадусім Муд 14:23-28. Незалежна ад габрэйскіх крыніцаў, ёсць дастаткова сьведчанняў аб практыках, звязаных з культамі розных бостваў: Кібелы, Мітры і пад., – і іх пашыранасцю ў антычным свеце. На гэту тэму гл. надзвычай цікавы тэкст “Romans 1:22-28: Paul, the Goddess Religions and Homosexuality” Джэрэмі Таўнслі.

[6] Клямент Александрыйскі. Paedagogos, 2.10.87, 3.3.21.3. (Пер. з анг.)

[7] У 2002 г. у паўночнай Англіі былі знойдзены парэшткі такога кастраванага рымскага святара, узоры на вопратцы якога ўказвалі на культ Кібелы. Вось што Бі-Бі-Сі напісала пра гэту падзею: “На поўначы графства Ёркшыр археолагі знайшлі шкілет пераапранутага еўнуха з IV стаг. н.ч. Знаходка здарылася падчас раскопак рымскага паселішча ў Катэрык, якія пачаліся яшчэ ў 1958 г. Шкілет у жаночай вопратцы і з упрыгожваннямі, паводле археолагаў, належыў еўнуху-святару, які пакланяўся ўсходняй багіні Кібеле.”

Дадатак

(Пер. А. Луцкевіча)

Рым 1:14-2:5 Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю. Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх: кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў. Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін. Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд. I, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй[. Яны] напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком, неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя. Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць. Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы. А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць. Няўжо-ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж? Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяньня? Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суда ад Бога.


Ад аўтара

Разуменне, прадстаўленае ў гэтым тэксце, наспявала цягам доўгага часу і я асабліва ўдзячны за дапамогу і ідэі, якія я знаўшоў у творах Томаса Хэнкса (Буэно-Айрэс) і Ральфа Блэйра (Нью-Ёрк Сіці), выступе Тоні Камполё на фестывалі Greenbelt у 2001 г., вэб-сайце Джорджа Хопера, некаторых каментарах Эндру Гадарда (Ўікліф Хол, Оксфард), працы Джэрэмі Таўнслі (Унівэрсітэт Грэйгтаўна, Берклі – гл. спасылку 5) і кнізе Даніэля Хелміняка “What the Bible really says about homosexuality” (New Mexico: Alamo Square, 2000). Мая ўдзячнасць, безумоўна, не азначае іх згоды з усімі маімі думкамі.


Дадзеная гутарка была падрыхтавана для Жаночага тэалагічнага цэнтру ў Балтыморы, ЗША. Беларускі пераклад уяўляе сабой нязначна скарочаны варыянт.


© James Alison, Лондан, студзень 2004 г. Пераклад на беларускую Ігара Іванова.