“Але ж Біблія кажа…”: Каталіцкае разуменьне Рымлянаў 1

PDF | English

 

У гэтага тэксту дзіўны загаловак, бо мала хто з каталікоў перарываў бы тэалягічную дыскусію фразай: “Але ж Біблія кажа…” І гэта ня столькі вынік славутай неабазнанасьці каталікоў у Пісаньні, колькі тое, што спасылка на аўтарытэт каталікамі рэдка калі прымае форму апэляцыі да Бібліі. Больш верагодна, што такая апэляцыя гучала б: “Але ж Сьвяты Айцец кажа…”, або “Але ж у Катэхізьме напісана…”. Калі так, то навошта нам спрабаваць чытаць па-каталіцку першы разьдзел Лісту да Рымлянаў?

Дзьве рэчы заахвоцілі мяне зьвярнуцца да гэтае тэмы. Па-першае, я вырас у сям’і эвангельскіх пратэстантаў, і першы разьдзел Лісту да Рымлянаў быў для мяне тэкстам тэрору, які асацыяваўся з глыбокім эмацыйным і духоўным зьнішчэньнем, – тэкст, які выклікае паралюш. Таму, калі ўжо мне сталася быць усё больш свабодным ад гэтага тэрору, мае сэнс паказаць дарогу іншым, хто, якой бы іх канфэсійная прыналежнасьць ні была, могуць пакутваць ад зьняволенага сумленьня як вынік пэўнага прапанаванага ім разуменьня дадзенага фрагмэнту зь Бібліі. І другая прычына, ня менш важная на маю думку: у выніку спрэчак у Англіканскай Царкве з-за біскупскіх прызначэньняў па абодвух бакох Атлянтыкі [1] зьявілася агромністая колькасьць публікацыяў, якія бясконца паўтаралі, што “Біблія вельмі выразна кажа…” пра тое ці іншае. Больш за тое, зноў і зноў паўтаралася, што тыя, хто думаюць, што геі мусяць мець права на шлюб або што нельга забараняць геям быць біскупамі, нейкім чынам адмаўляюць відавочныя і непарушныя забароны. Думку, што “Біблія вельмі выразна кажа”, амаль безь якога-кольвек роздуму падхапілі мэдыі, якім аказалася найпрасьцей прадставіць спрэчку так, нібыта яна была паміж кансэрватарамі, хто ставіцца да Бібліі сур’ёзна і таму супраць геяў, і лібэраламі, якія ня ставяцца да Бібліі сур’ёзна, а таму яны ня супраць геяў. Такім чынам, Біблія стала прадметам усеагульнай публічнай пацехі.

Мне падаецца, што праўда якраз у адваротным: толькі з дапамогай вельмі мадэрновага і лібэральнага разуменьня Пісаньня яго можна пераўтварыць у зброю супраць геяў, і тыя, хто адмаўляюцца так зрабіць, больш традыцыйная ў сваім падыходзе да Бібліі. Я пагаджуся, што ў цяперашнім сьвеце мае словы выглядаюць супярэчнымі інтуіцыі, а таму мне спатрэбіцца крыху часу, каб паказаць, што існуе як мінімум адзін цалкам прыстойны каталіцкі шлях прачытаньня Рымлянаў 1, які б даў нам магчымасьць пабачыць усё ў адрозным сьвятле. Яшчэ перад тым, як прачытаць цалкам наш тэкст з Рымлянаў, я хацеў бы зьвярнуць увагу на два моманты, якія стануць добрым пачаткам для ўсёй дыскусіі. Напэўна, кожнаму з нас сэнс наступнага фрагмэнта падасца відавочным і простым:

Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. (Рым 1:26)

Думаю, што ў англамоўным сьвеце большасьць з нас адразу пагадзілася б: “Гаворка тут выразна і адназначна пра лезьбіянства, і адмаўляць гэта мог бы толькі біблейны экзэгет з затоенымі ідэалягічнымі матывамі”. Усё, што я магу на гэта сказаць, гэта тое, што існуе некалькі камэнтароў з даўніх стагодзьдзяў на гэты тэкст. Ніводны з гэтых тэкстаў ня зьвязвае нашага фрагмэнту з лезьбіянствам. І Аўгустын, і Клямэнт Александрыйскі выразна бачылі ў ім жанчынаў, якія мелі анальныя сэксуальныя зносіны з мужчынамі. Наколькі нам сёньня вядома, Ян Залатавусны быў першым з Айцоў Царквы, хто пабачыў у дадзеным урыўку лезьбіянства, пра што напісаў у адной са сваіх казаняў у канцы IV стаг.

Такім чынам, маё першае сьцярджэньне: няважна, хто мае большую рацыю наконт таго, што Паўла меў наўвазе. Адна рэч застаецца неаспрэчнай: тое, што сучасныя чытачы прымаюць за “відавочны сэнс тэкста”, быў зусім невідавочным для Аўгустына, хто цягам многіх стагодзьдзяў меў статус асабліва аўтарытэтнага інтэрпрэтатара Пісаньня. Таму сьцьвярджэньне пра непарыўную традыцыю разуменьня гэтага тэкста ў кантэксьце лезьбіянства ня мае ніякай асновы. На працягу вельмі доўгага часу ў Каталіцкай Царкве было нормай чытаць гэты фрагмэнт без дапушчэньня таго, што Паўла меў наўвазе лезьбіянства, а таму ніводзін каталік не абавязаны разумець гэты тэкст у кантэксьце лезьбіянства. Больш за тое, цалкам прымальным для каталіка было б сьцьвярджаць, што ў Сьвятым Пісаньні няма ніводнай спасылкі на лезьбіянства, бо адзіны тэкст-кандыдат такой спасылкай быць, як мы бачым, цягам некалькіх стагодзьдзяў разумеўся зусім інакш. Гэта нэгатыўны аргумэнт. Ён выразна паказвае, што на каталіку няма абавязку згаджацца ані з тым, што тое, што сьв. Паўла кажа, мае відавочны сэнс, ані з тым, што гэты фрагмэнт мае дачыненьне да лезьбіянства.

Мой другі аргумэнт будзе крыху больш пазітыўным. Як афіцыйна вучыць Каталіцкая Царква, каталікі маюць абсалютны абавязакпазьбягаць некаторых формаў таго, што царкоўныя ўлады называюць “актуалізацыяй” тэкстаў. Пад актуалізацыяй яны маюць наўвазе прачытаньне старажытных тэкстаў такім чынам, нібыта яны наўпрост датычаць сучасных рэаліяў. Я прачытаю вам іх словы. Калі ласка, памятайце, што гэта ня проста меркаваньне. Гэта афіцыйнае вучэньне Пантыфікальнай біблійскай камісіі, упаўнаважанай навучаць таму, як чытаць Пісаньне. У дакумэньце “Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Царкве” (1993 г.) гаворыцца:

Таксама не павінна рабіцца ніякае спробы актуалізацыі з мэтай, супярэчнай эвангельскай справядлівасьці й любові, як, напрыклад, выкарыстаньне Бібліі для апраўданьня расавай сэгрэгацыі, антысэмітызму або сэксізму ў дачыненьні як да мужчынаў, так і жанчынаў. Асаблівую ўвагу трэба зьвяртаць… каб пазьбягаць абсалютна любой актуалізацыі некаторых тэкстаў Новага Запавету, якія маглі б спрычыніцца або паглыбіць нэгатыўнае стаўленьне да габрэяў. (“Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Царкве”, IV.3)

У гэтым дакумэньце камісія прапанавала незавершаны сьпіс верагодных формаў актуалізацыі Сьвятога Пісаньня, пра што слова “напрыклад” і сьведчыць. Камісія зьвярнулася да найважнейшай з усіх магчымых непрымальных формаў актуалізацыі, а менавіта да таго, як грэцкая фраза ‘οι ’Ιουδαιοι, найперш у Эвангельлі ад Яна, можа перакладацца і разумецца. Калі сьледаваць духу дакумэнту, той, хто перакладае і разумее ‘οι ’Ιουδαιοι літаральна як “габрэі” і інтэрпрэтуе гэта ў дачыненьня да ўсяго габрэйскага народу, ці то ў наш час, ці то ў мінулым, перакладае і разумее тэкст менш акуратна, і адназначна менш у еднасьці з Царквой, чым той, хто перакладае і разумее нелітаральна, як, скажам, “габрэйскія начальнікі” або “мясцовыя кіраўнікі”, каго, безумоўна, Эвангельле ад Яна называе проста габрэямі.

Калі ўзяць па увагу істотную ролю габрэйскага народу і адносінаў паміж габрэямі і Царквой для разьвіцьця хрысьціянскай дактрыны, і калі мы закліканыя пазьбягаць абсалютна любой актуалізацыі тэксту, то наступнае сьцьвярджэньне будзе як мінімум разумным, калі ня вартым заахвочваньня як кіраўніцтва да менавіта каталіцкага прачытаньня тэксту, датычнага менш важных за габрэйскае пытаньне рэчаў: “З увагі на верагоднасьць абмежаванасьці старажытнага значэньня тэксту, якое наўпрост не трансьлюецца ў сучасныя катэгорыі, і пашыранага тлумачэньня старажытнага значэньня тэксту ў сучасных катэгорыях, калі гэта ў адносінах да сучасных людзей, катэгарызаваных такім чынам, мае эфэкт, супярэчны любові, перавага павінна быць аддадзеная старажытнаму значэньню перад актуалізаваным.”

Такім чынам, варта прыгадаць нашыя дзьве ўводныя высновы. Па-першае, каталік не абавязаны разумець Рымлянаў 1 так, нібы гэты тэкст мае выразнае значэньне для сучаснага чытача. Па-другое, з увагі на магчымасьць абмежаванасьці старажытнага значэньня і патэнцыйна шкоднага эфэкту на сучасную катэгорыю людзей пашыранага сучаснага разуменьня, каталіцкае прачытаньне павінна аддаць перавагу абмежаванаму старажытнаму значэньню.

Цяпер да самога тэксту. Прачытайце яго двойчы. Першы раз у агульнапрынятай форме, якую пабачыце амаль у кожным сучасным біблейскім перакладзе. Другі раз – дакладна той самы тэкст, у тым самым перакладзе, але без фрагмэнтаў, якія сьв. Паўла не пісаў: без нумароў разьдзелаў і вершаў. Спачатку падзел на разьдзелы, а потым і на вершы былі зробленыя ў сярэднявеччы, каб спрасьціць шуканьне фрагмэнтаў тэксту – так, як каталёг дапамагае знайсьці кнігу ў бібліятэцы. Безумоўна, Паўла не пісаў Лісту да Рымлянаў, падзеленага на разьдзелы й вершы. Ён пісаў ці, хутчэй, дыктаваў, грэцкай прозай, амаль бяз знакаў прыпынку. Вы пабачыце, што ўвядзеньне нумарацыі сур’ёзна паўплывала на замацаваньне пэўнага разуменьня тэксту.

Не прамініце таксама тону. Першы раз прачытайце з напышлівым тонам аятолы Паўла, падобнага на Чарлтана Гэстана [2], які толькі што зышоў з гары Сінай і з запалам дыктуе адназначныя словы Госпада пра беззаконьні. Я спадзяюся, што вы пабачыце, што тон, зь якім мы прамаўляем ці які чуем, прынамсі настолькі ж важны для стварэньня на выгляд відавочнага сэнсу, як і самі словы. Другі раз прачытайце салодкім тонам рабіна Паўла, спадчыньніка багатае традыцыі іранічнага чытаньня, для каго насьміхацца і цьвяліць было звычайнай справай. Не падумайце, што калі я называю Паўла рабінам, я спрабую прынізіць яго апостальскі аўтарытэт, які б нейкім чынам быў бы захаваны, калі б мы чыталі тонам аятолы. Рабінскі стыль і рыторыка ні ў якім разе не прынізяць яго аўтарытэту, бо ён, апостал, быў надзвычай добра адукаваны ў рабінскай традыцыі інтэрпрэтацыі. Я спадзяюся, што сэнс другога чытаньня стане настолькі ж зразумелы для вас, наколькі ён зразумелы мне цяпер. Такім чынам, вось фрагмэнт з Рымлянаў 1:14 і да канца першага разьдзела:

[14] Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; [15] дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. [16] Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. [17] Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю. [18] Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. [19] Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; [20] бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня [21] за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх: 22 кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі [23] і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў. [24] Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. [25] Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін. [26] Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. [27] Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд. [28] I, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, [29] і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй[. Яны] напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; [30] яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком, [31] неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя. [32] Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.

Перш чым прачытаць урывак зноў, варта зьвярнуць увагу на некалькі момантаў. Наколькі можна судзіць, Паўла пісаў гэты ліст з Карынту. Выглядае, што ліст адрасаваны дзьвюм групам хрысьціянаў, зь якіх царква ў Рыме складалася: жыдоў – габрэяў у дыяспары, – якія верылі ў Хрыста, і паганцаў, г.зн. негабрэяў, якія таксама верылі ў Хрыста. Падобна, што гэтыя дзьве групы не суіснавалі спакойна, але пастаянна супернічалі паміж сабой, бо ахрышчаныя габрэі лічылі сябе лепшымі за ахрышчаных негабрэяў і наадварот. Паўла нейперш зьвяртаецца да жыдоў-хрысьціянаў. Ён тлумачыць ім, што хоць усе скарбы адкрыцьця былі дадзеныя праз габрэйскі народ, габрэі ня лепшыя за негабрэяў, бо збаўленьне праз Хрыста ім патрэбнае дакладна ў той жа ступені, што і тым, хто не належыць да габрэйскага народу. Потым Паўла зьвяртаецца да негабрэяў, каб сказаць, што яны не вышэйшыя за габрэяў, бо ніколі ня мелі Закону і ім таксама патрэбнае Хрыстовае збаўленьне. Паўла намагаецца пераканаць, што Хрыстовае збаўленьне патрэбнае ўсім людзям, бо ўсе зграшылі, усім без выключэньня патрэбная ласка. Наколькі вядома мне, такі падыход да разуменьня Лісту да Рымлянаў прыняты большасьцю біблістаў самых розных гатункаў, і ў такім разуменьні няма нічога незвычайнага.

Зьвярніце ўвагу на верш, які мы ня чуем, калі чытаем першы разьдзел Рымлянаў, бо з гэтага верша пачынаецца наступны разьдзел:

Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы.

Мне падаецца дзіўным пачынаць новую дыскусію або разьдзел са злучніка “дык” у значэньні “таму, такім чынам” [3]. Звычайна гэтае слова ўказвае на выснову да папярэдняе дыскусіі: усё, пра што раней гаварылася, цяпер стане зразумелым. Дапусьцім, што мы ня мелі б верагоднага манускрыпту з пачаткам Паўлавага Лісту да Рымлянаў, але толькі ведалі б, што часткі тэксту бракуе і тое, што мы маем, пачынаецца з таго, што мы цяпер называем Рым 2:1. Думаю, кожны з нас паставіў бы на кон апошні рубель, што ўсе спробы рэканструкцыі тэксту, якога нехапае, будуць грунтавацца на дапушчэньні, што якім бы дакладна той фрагмэнт ня быў, ён нейкім чынам мусіў бы паказаць, што ніхто ня мае права асуджаць іншага. І калі ўзяць пад увагу тэкст, які мы называем другім і трэцім разьдзеламі і які аргумэнтуе супраць перавагі габрэяў над негабрэямі ў Царкве, то вельмі верагодна, што экзэгеты пагадзіліся б з тым, што тэкст, якога не хапае, хутчэй за ўсё быў бы дыскусіяй, што вяла б да той выстовы, што якімі б ні былі знакі перавагі габрэяў-хрысьціянаў, яны ў прынцыпе ў той самай сітуацыі, што і негабрэі, калі гаворка йдзе пра рэчы сутнасныя.

Таму ня будзе вялікім сюрпрызам пачуць, што тэкст першага разьдзелу Рымлянаў, якім мы ведаем яго, выдатна адпавядаў бы здагадкам тых адукаваных экзэгетаў, хто б грунтаваў свае высновы на аналізе Рым 2:1 – вершы, які забараняе асуджаць іншых. Вось як рабін Паўла кажа пра тое ж:

Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю.

Тут Паўла вельмі выразна раскрывае свае намеры і абгрунтоўвае для жыдоўскіх слухачоў, каму, быць можа, пазітыўнае стаўленьне Паўла да негабрэяў не падабалася, неабходнасьць сваёй місіі. Далей ён працягвае казаць мовай, якую кожны адукаваны габрэй добра ведаў: ён амаль цытуе з Кнігі Мудрасьці (часам называнай Кнігай Мудрасьці Салямонавай), частка якой – габрэйская апалягетыка супраць беззаконьняў паганскага ідалапаклонства. Прапаведнікі Майсеевай веры, якія былі амаль у кожным міжземнаморскім горадзе, прываблівалі людзей ад паганскіх культаў да габрэйскага монатэізму і казалі звычайна тое, што і Кніга Мудрасьці. Словы Паўла і Кнігі Мудрасьці [4] надзвычай падобныя ў сваім аналізе ідалапаклонства:

Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх: кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў.

Такім чынам, мы маем тут прыклад стандартнай габрэйскай палемікі супраць паганцаў у прынцыпе: абвінавачаньне ў замене – іншымі словамі, скажэньні й зьдзеку, – славы Божай на ідалаў. Усе слухачы і чытачы Паўлавых словаў дакладна ведалі, пра што гаворка, бо антычныя гарады былі поўныя паганскіх храмаў з выявамі багоў, багіняў, катоў, шакалаў, кракадзілаў, зьмеяў, Ізіды, Анубіса, Мітра і г.д.

Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін.

Як і Кніга Мудрасьці, што спрабуе патлумачыць сувязь паміж ідалапаклонствам і крыніцай усяго зла, Павал кажа пра тое адно зло, зь якога пачынаецца ўсё іншае нядобрае: таму што негабрэі сталі пакланяцца паганскім багом, яны ў выніку сталі ахвярамі саромных жарсьцяў. Няцяжка заўважыць, што Паўла гуляе з аўдыторыяй, са сваімі слухачамі, бо перарывае сваю палеміку захопленым “амін” пасьля ўзгадкі Творцы:

які багаслаўлены навекі, амін.

На такі вокліч у пяцідзесятніцкай царкве мы пачулі б галасы слухачоў: “Алілуя” або “Малойца, браце!” Гэта прыклад рыторыкі дзеля перакананьня аўдыторыі, што я – з вамі, я ваш, можаце лічыць на мяне. Павал робіць гэта з пэўнай мэтай, што мы і пабачым далей. Ён працягвае:

Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд.

Павал пералічвае менавіта тыя рэчы, што ў ягоныя часы мелі месца ў паганскіх храмах і па-за імі па ўсім Міжземнаморскім сьвеце, – менавіта так, як і аўтар Кнігі Мудрасьці, чыё апісаньне нават больш дэталёвае, чым Паўла. [5] Напрыклад, жанчыны пераапраналіся сатырамі зь вялікімі фалясамі, каб быць тымі, хто пэнэтруюць, а не пэнэтраванымі ў полавых стасунках з партнёрамі-мужчынамі. Падобна, што ня пол партнёра, а менавіта такое травэсьці, абмен ролямі, скандальнае для патрыярхальнага розуму, і прыгадваецца тут як рэч непрымальная. Клямэнт Александрыйскі пра гэта так сказаў:

І таму дзетараджэньне сярод геенаў нячастае, бо сеюць семя сваё яны насуперак прыродзе… Такіх бязбожнікаў “аддаў … Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае…” Але прырода не дазволіла нават самым адчувальным жывёлам злоўжываць сэксуальна тым праходам, што для экскрэмэнтаў прызначаны… Парушаючы натуральны парадак, мужчыны прымаюць ролю жанчынаў, а жанчыны, насуперак прыродзе, прымаюць ролю мужчынаў… Няма шляхоў, закрытых для злое пажаднасьці. Іх сэксуальнасьць навідавоку ва ўсіх, бо распуста іх лепшы сябар. [6]

Ёсьць даволі шмат сьведчаньняў пра рэчы, якімі мужчыны бавілі сябе ў старажытныя часы. Несумненна, што былі такія культы як Кібэлы, Аціса або Афрадыты. Найвялікшы храм апошняй, кажуць, меў да тысячы храмавых прастытутак. Ён быў у Карыньце, адкуль Паўла, напэўна, і напісаў свой ліст, і гэты культ незадоўга перад тым быў завезены таксама ў Рым. Пераапрананьне ў вопратку асобаў іншага полу было адным зь яго адметных элемэнтаў. У дадатак абрадавыя дзеі ўключалі ў сябе неўтаймаваныя оргіі, падчас якіх мужчыны дазвалялі быць пэнэтраванымі. Захопленыя ў шаленстве, яны часам кастравалі сябе і станавіліся еўнухамі, а такім чынам і сьвятарамі Кібэлы, для якой ¬– што было агульным для для ўсіх культаў Маці Багіні, – перакрочваньне гендэрных межаў было асабліва важным. Такія кастраваныя, часам называныя “галіямі”, бадзяліся паўсюль, як хіджры ў сучаснай Індыі, бо, як казалі, радасныя еўнухі маюць магічныя здольнасьці і дар прадказваньня. [7]

Тым, каму Паўла пісаў свой ліст, падобныя тлумачэньні былі непатрэбныя, бо ўсё гэта было часткай паўсядзённага жыцьця Міжземнамор’я таго часу. Калі Паўла кажа пра належную адплату за блуд, магчыма, ён мае наўвазе кастрацыю або агульную дзівацкую натуру іх паводзінаў і выгляду. Адзінае пэўна, што аўдыторыя Паўла добра ведала, пра што гаворка, бо любы рэспэктабэльны габрэй сказаў бы, што гэта менавіта тыя ідыёцкія рэчы, нявольнікамі якіх сталі паганцы ў выніку свайго ідалапаклонцтва.

Зьвярніце ўвагу на адразу незаўважнае, а менавіта тое, што Паўла паціху рыхтуецца параніць гонар тых, хто сам напрошваўся, каб спатыкнуцца. Пасьля вельмі яркага апісаньня выразна паганскіх практыкаў, што б дазволіла жыдоўскім слухачам з гонарам параноўваць сябе з глупымі “імі, іншымі” (ідыёцкімі і глупымі, а ня кепскімі й злымі, бо Паўла кажа пра рытуалістычную чысьціню і бессаромнасьць, а не пра маральнасьць і зло), ён працягвае – усё гэтак жа гаворачы пра ‘іх, іншых’, – але ўжо цяпер кажа пра рэчы нашмат больш сур’ёзныя, а менавіта пра тое, што з сэрца людзей паходзіць. І, канешне, ён усё гэтак жа трымае слухачой на сваім баку:

I, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй.

Няцяжка ўявіць, што мы дагэтуль у той сітуацыі, калі слухачы Паўла здольныя крыкнуць: “Малойца, браце!” – бо гэта рэчы, чуць якія яны былі прызвычаеныя. Але Паўла не спыняецца. Пасьля “глупых” рэчаў, што сэрцы іх, паганцаў, поўныя, ён бярэцца за рэчы, якія, быць можа, выглядаюць ня такімі ўжо незвычайнымі й страшнымі – тыя рэчы, пра што мы ўсе збольшага прызвычаеныя чуць:

[Яны] напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком, неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя.

І вось тут мы ўжо апынаемся на танюсенькім ільдзе… Магчыма, слухачы й чытачы лісту ўжо пачалі адчуваць дыскамфорт ад сьпісу заганаў, ніводная зь якіх не датычыць сэксуальных паводзінаў, бо пра нешта яшчэ нагадвае гэты сьпіс – да болі знаёмае. Перад тым, як раскрыць свае карты, Паўла апошні раз дзьме ў антыпаганскі горн:

Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.

Няцяжка пабачыць, чаму тыя, хто рабіў падзел Паўлавага лісту на разьдзелы, тут завершылі першы разьдзел: яно гучыць так, нібы аўтар спыніўся, каб перавесьці дух. Але гэта не канец ягонай думкі, бо самае вострае яшчэ наперадзе, без чаго дыскусія не была б поўнай:

Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы.

Цяпер вы можаце пабачыць, што апошняя фраза робіць з усім, што Паўла сказаў перад тым. Іншымі словамі, ён кажа сваім слухачам: “Мы ўсе ведаем, якія ідыёцкія рэчы робяць паганцы, якія вар’яцкія абрады й оргіі яны ладзяць. І, пабачце, да якіх страшных вынікаў гэта вядзе: яны становяцца зьвяглівымі манюкамі – г.зн. пляткарамі, – і непаслухмянымі бацьком! Як неразумна яны паводзяць сябе! І як гэта непадобна на нас!” І зноў Паўла спыняецца, але цяпер каб пабачыць першыя ўсьмешкі тых, хто ўжо пачаў цяміць, каго ён насамрэч мае наўвазе. Такі рытарычны прыём падрыхтоўкі слухачоў да падзеньня і лопаньня іхняга надзьмутага балёніку ганарлівасьці ня маў бы сэнсу, калі б Паўла сьцьвярджаў, што яго слухачы робяць тыя самыя рэчы, што й паганцы: вар’яцкія цырымоніі й сэксуальныя оргіі аж да кастрацыі. Але хоць Паўла і не сьцьвярджае, што яго слухачы робяць гэтак жа, – і яны напэўна нават ня сьнілі таго, – ён усё ж кажа, што ўсім ім уласьцівае жаданьне аднога парадку. Жаданьне таго самага кшталту, якое ўласьцівае таксама паганцам, што рабілі глупыя рэчы, і менавіта гэта зьяўляецца істотным.

Паўла нарэшце пераключаецца з гаворкі пра іх на размову пра нас і гэты пераход ад яны да мы вельмі цікавы:

А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць.

Выглядае так, нібыта Паўла зноў вяртаецца да нападкаў на паганцаў, што ведаюць яны пра волю Божую, але ўсё роўна робяць тое-самае. Паўтарэньне абвінавачаньня, але цяпер ужо са словам мы вельмі падобна гучыць як: “Ці ведаюць яны ці не пра суд Божы, але мы ведаем дакладна”. І цяпер ужо зьвяртаецца да саміх слухачоў – ня толькі габрэяў ці хрысьціянаў, а да людзей, да кожнага: ты, чалавеча…:

Няўжо-ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж? Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяньня? Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суда ад Бога.

Пачынаючы адсюль, Паўла будзе разьвіваць сваё разуменьне таго, што праблема чалавека – у яго жаданьні. Менавіта на ўзроўні зьмены ў парадку нашага жаданьня мы збаўленыя Хрыстом і праз Хрыста – тое, чаго Закон, хоць і добры ў сабе, ня мог зрабіць. Такі аналіз прывёў Паўла да разуменьня таго, што пазьнейшыя пакаленьні, пачынаючы ад Аўгустына, сталі называць дактрынай першароднага граху. Увесь ейны сэнс у тым, каб падтрымліваць жывым усьведамленьне таго, што ад самага свайго пачатку чалавецтва пакутуе на адзін і той жа скрыўлены парадак жаданьня, а таму ніхто з нас ня мае права судзіць іншых, бо, у адрозьненьні ад Бога, ніхто з нас не свабодны настолькі, каб судзіць без скрыўленьня, што зьяўляецца ў нас у выніку нашага быцьця часткай групы, грамадзтва. Гэта цалкам стасуецца з вучэньнем Хрыста ў Дабравесьцях: калі фарысэі ня маюць права судзіць прастытутак, то і габрэі ня могуць судзіць паганцаў і наадварот.

Спадзяюся, цяпер вы бачыце, што можа быць яшчэ адно “відавочнае” прачытаньне першага разьдзелу Лісту да Рымлянаў. Як толькі разумееш, што падзел на разьдзелы й вершы – справа хутчэй густу, і што Паўлавы клопат найперш – гэта разбурыць салідарнасьць, збудаваную на асуджэньні, тады становіцца магчымым пачуць голас апостала зусім у іншай танальнасьці. Паўла тут хутчэй экстравагантны, чым раззлаваны: дасьціпны, рабіністычны, пераконваючы Паўла, а не адназначны, аўтарытарны і без іроніі. Ён пасьлядоўна рыхтуе сваіх слухачоў да падзеньня і сораму, каб у апошні момант паднесьці coup de grâce. Калі б вы хацелі самі пераканацца, што гэта адзіны правільны спосаб разумець Паўла, прачытайце ўголас сабе ці сябрам той фрагмэнт з Рымлянаў, які знойдзеце ў дадатку – без падзелу на вершы й разьдзелы. Пачніце чытаць голасам раздражненага, раззлаванага Паўла. Усё будзе добра, пакуль вы ня дойдеце да першага верша другога разьдзелу. Чытаць яго тым самым голасам аятолы проста ня мае сэнсу – вы мусіце будзеце спыніцца й перайначыць свой тон. Калі ж вы будзеце чытаць увесь фрагмэнт іранічным тонам рабіна Паўла, вы незаўважна пяройдзеце ад аднога разьдзелу да другога і зможаце пакаштаваць усю вытанчанасьць яго пераканаўчага стылю.

Такім чытам, гэта і ёсьць каталіцкае разуменьне Рымлянаў 1. Адзіная пабочная рэч, прыўнесеная ў нашае разважаньне з па-за тэксту, гэта некаторае веданьне культавых практыкаў антычнага сьвету, каб не спакусіцца на няміласьцівую актуалізацыю тэксту – дакладна гэтак жа, як мы робім з ‘οι ’Ιουδαιοι у Эвангельльлі ад Яна, калі абмяжоўваем сэнс гэтае фразы мясцовымі габрэйскімі ўладамі тагачаснае Палястыны. Сучаснае “відавочнае” прачытаньне тэксту запатрабавала б прыўнясеньня ў яго нечага цалкам пабочнага: разуменьня “гомасэксуалізму” як таго, што Паўла меў намер асуджаць, хоць гэтае мадэрнае паняцьця не было вядомым у старажытным сьвеце. Сучаснае “відавочнае” прачытаньне становіцца палітычнай і рэлігійнай зброяй супраць сучаснай групы людзей. Думаю, мой выбар старажытнага і абмежаванага значэньня цалкам адпавядае пазіцыі Пантыфікальнай білейскай камісіі.

Адна з рэчаў, якая, спадзяюся, становіцца зразумелай цяпер, гэта тое, што нават калі б было магчымым паказаць (хоць я ня думаю, што гэта магчыма), што абавязкова прымаць тое, што ў тэксьце, які мы ведаем як Рым 1:26б-27, Паўла кажа пра лезьбіянак і геяў, – нават тады гэты тэкст ня можа быць выкарыстаны, каб апраўдаць асуджэньне гэтых людзей, без сур’ёзнага гвалту ў адносінах да самога тэксту. Сэнс усё роўна быў бы накшталт такога: “Безумоўна, мы ведаем, што ёсьць людзі, якія робяць ідыёцкія рэчы, але гэта ня мае ніякага значэньня ў параўнаньні з тым, што насамрэч істотна: такія рэчы – проста сімптом сур’ёзнага скрыўленьня жаданьня, ідэнтычнага ў вас, як і ў іх; і паколькі гаворка тут пра вас, то не асуджайце іх.”

Калі б вы хацелі самі пераканацца ў тым, што я маю наўвазе, то ўявіце сабе, што ў старажытным сьвеце габрэйскія прапаведнікі ўпэўніліся, што адна з рэчаў, да якой ідалапаклонства вядзе, гэта практыкаваньне экстрымальных відаў спорту. У выніку, – уявіце, – яны забаранілі падобныя рэчы. Цяпер падстаўце ў тэкст “абсэйлінг” і “парагляйдынг” замест таго, што для некаторых гучыць як “лезьбіянства” і “гейскі сэкс”:

Жанчыны іх сталі скокаць, прывязаныя да гумовага канату. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы традыцыйныя сродкі транспарту, заняліся парагляйдынгам, сорам робячы, простых птушак імітуючы і – з-за нечаканых узыходзячых паветраных плыняў, – вельмі часта атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за сваю аблуду.

Уявіце цяпер, як лёгка хрысьціянскі сьвет пакінуў бы такую старажытную забарону супраць выразна вар’яцкіх забаваў. Яе ігнаравалі б на той аснове, што Пісаньне дыскутуе абсэйлінг і парагляйдынг між іншых рэчаў у кантэксьце недазволенасьці асуджаць іншых, а таму Пісаньне не забараняе абсэйлінгу і парагляйдынгу. Адзіны выпадак, калі такі спорт прыгадваецца ў Пісаньні, не павінен уважацца за этычную інструкцыю.

На маю думку, першы разьдзел Рымлянаў проста ня мае ніякага дачыненьня да таго, што мы называем гомасэксуалізмам. Спадзяюся, я выразна паказаў, што гэты тэкст можна чытаць такім чынам, каб захаваць ягоную цэльнасьць, з пашанай і ў згодзе са сьв. Паўлам, і паказаць, што Паўлавае разважаньне – істотны крок да фармуляваньня адной з важнейшых дактрынаў Царквы і не сказаць нічога супраць т.зв. “гомасэксуалізму”. Я, аднак, не сьцьвярджаю, што прачытаньне, прапанаванае мной, – адзінае сапраўднае прачытаньне сьв. Паўла, што менавіта гэта і нічога больш ці менш, што ён меў наўвазе. Я ня думаю, што адзіна магчымае прачытаньне гэтага тэксту ўвогуле існуе. Я думаю, аднак, што ёсьць лепшыя і горшыя разуменьні тэксту і, больш за тое, ёсьць больш каталіцкія і менш каталіцкія шляхі чытаньня Бібліі, бо чытаньне тэксту ў Царкве – гэта бязьмежна стваральнае практыкаваньне ў праслаўленьні Бога і стварэньні міласьцівага сэнсу для нашых сёстраў і братоў, калі Дух, удыхнуты ў нас укрыжаваным і ўваскрослым Госпадам, авалодвае намі.

Мы падыйшлі да апошняга пункту, у якім сапраўдная прычына, чаму нам варта было паспрабаваць стварыць для сябе пачатак каталіцкага прачытаньня першага разьдзелу Рымлянаў. Занадта доўга мы цешылі сябе тым, што я назваў бы “каранскім” чытаньнем Пісаньня. Для мусульманіна цалкам прымальна сьцьвярджаць, што Каран быў прадыктаваны Богам Мухамэду, а таму сам Каран мусіць быць чытаны як бы дадзены ўладаю з вышыні. Тэкст тады становіцца свайго роду пасярэднікам паміж Богам і чытачом, так што вернік зьнявольваецца зафіксаванымі словамі тэксту, які прадстаўляецца яму быць “вось так проста” натхнёны Богам, і ў выніку вызваляе чытача ад абавязку ўзяць адказнасьць за сэнс, які ён ці яна надае тэксту. Але для каталіка такое разуменьне павінна быць непрымльным, бо Каталіцкая Царква, спадчыньнік надзвычай багатае традыцыі стваральнага габрэйскага чытаньня, чытае Пісаньне эўхарыстычна, бо для нас найважнейшая крыніца ўлады – ня тэкст як такі, а ўкрыжаваная й жывая ахвяра. Жывы сярод нас, Ён – жывая інтэрпрэтацыйная прысутнасьць, хто вучыць нас як адрабіць нашыя гвалтоўныя і злыя шляхі адносінаў і як адшукаць шлях пакаяньня й міру. Для нас “Слова Божае” – перадусім жывая асоба і толькі па аналёгіі тэкст, які сьведчыць пра Яго. Жывая гермэнэўтычная прысутнасьць нашмат важней за тое, што яна інтэрпрэтуе. Менавіта гэта Ісус меў наўвазе, калі казаў фарысэям (Мц 9:13, 12:7):

Пайдзеце, наўчыцеся, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы.

І таксама:

Калі-б вы разумелі, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, то не асудзілі-б бязьвінных.

У гэтым заключаецца настаўленьне пра каталіцкае чытаньне Пісаньня ад улады, нават больш важнае за Пантыфікальную біблейскую камісію. І я рады адзначыць, што фрагмэнт з дакумэнта гэтае Камісіі, які мы чыталі напачатку, цалкам у згодзе з гэтым настаўленьнем.

Насьпеў час пачаць чытаць словы нашага брата Паўлы – таго, хто пісаў да нас не з вышыні, але адтуль, дзе мы, з братэрскага ўзроўню, – эўхарыстычным чынам. Уявім яго разам з намі на эўхарыстычным спатканьні, хто дае сьведчаньне дзеям Укрыжаванага і Ўваскрослага і які адбітак Ён пакідае на нашых жыцьцях. І паспрабуем вучыцца прымаць словы Паўла праз прызму вачэй Госпада, хто ў самым цэнтры нашага спатканьня, – вачэй таго, хто так моцна любіў нас і хацеў быць з намі, што ахвяраваў сабою за нас, каб мы маглі разам з Ім і ў свабодзе ствараць поўны міласьці сьвет, дзе няма слова яны, дзе мы можам глядзець адзін на другога вачыма, незацемненымі сакралізаванай наканаванасьцю, і з сэрцамі, вольнымі ад зларадных заўвагаў кшталту: “Але ж Біблія кажа…”

Спасылкі і заўвагі

[1] Маюцца наўвазе падзеі 2003 г.: выбары япіскапальным (англіканскім ) біскупам у ЗША Джына Робінсана і вымушаная адмова стаць біскупам Джэфры Джона ў Ангельшчыне.

[2] Чарлтан Гэстан (Charlton Heston, нар. 1924) – амэрыканскі актор, які між іншых роляў граў Майсея ў “Дзесяці прыказаньнях” (1956).

[3] Грэцкае διο.

[4] Пар. (Сінадальны пераклад):
Муд. 12 23 Посему-то и тех нечестивых, которые проводили жизнь в неразумии, Ты истязал собственными их мерзостями, 24 ибо они очень далеко уклонились на путях заблуждения, обманываясь подобно неразумным детям и почитая за богов тех из животных, которые и у врагов были презренными. 25 Посему, как неразумным детям, в посмеяние послал Ты им и наказание. 26 Но, не вразумившись обличительным посмеянием, они испытывали заслуженный суд Божий. 27 Ибо, что они сами терпели с досадою, то же увидев на тех, которых считали богами и чрез которых были наказываемы, они познали Бога истинного, Которого прежде отрекались знать; 28 посему и пришло на них окончательное осуждение.
Муд. 13 1 Подлинно суетны по природе все люди, у которых не было ведения о Боге, которые из видимых совершенств не могли познать Сущего и, взирая на дела, не познали Виновника, 2 а почитали за богов, правящих миром, или огонь, или ветер, или движущийся воздух, или звездный круг, или бурную воду, или небесные светила. 3 Если, пленяясь их красотою, они почитали их за богов, то должны были бы познать, сколько лучше их Господь, ибо Он, Виновник красоты, создал их. 4 А если удивлялись силе и действию их, то должны были бы узнать из них, сколько могущественнее Тот, Кто сотворил их; 5 ибо от величия красоты созданий сравнительно познается Виновник бытия их. 6 Впрочем, они меньше заслуживают порицания, ибо заблуждаются, может быть, ища Бога и желая найти Его: 7 потому что, обращаясь к делам Его, они исследуют и убеждаются зрением, что все видимое прекрасно. 8 Но и они неизвинительны: 9 если они столько могли разуметь, что в состоянии были исследовать временный мир, то почему они тотчас не обрели Господа его? 10 Но более жалки те, и надежды их – на бездушных, которые называют богами дела рук человеческих, золото и серебро, изделия художества, изображения животных, или негодный камень, дело давней руки.
Муд. 14 9 Ибо равно ненавистны Богу и нечестивец и нечестие его; 10 и сделанное вместе со сделавшим будет наказано. 11 Посему и на идолов языческих будет суд, так как они среди создания Божия сделались мерзостью, соблазном душ человеческих и сетью ногам неразумных. 12 Ибо вымысл идолов – начало блуда, и изобретение их – растление жизни. 13 Не было их вначале, и не во веки они будут. 14 Они вошли в мир по человеческому тщеславию, и потому близкий сужден им конец. 15 Отец, терзающийся горькою скорбью о рано умершем сыне, сделав изображение его, как уже мертвого человека, затем стал почитать его, как бога, и передал подвластным тайны и жертвоприношения. 16 Потом утвердившийся временем этот нечестивый обычай соблюдаем был, как закон, и по повелениям властителей изваяние почитаемо было, как божество. 17 Кого в лицо люди не могли почитать по отдаленности жительства, того отдаленное лицо они изображали: делали видимый образ почитаемого царя, дабы этим усердием польстить отсутствующему, как бы присутствующему. 18 К усилению же почитания и от незнающих поощряло тщание художника, 19 ибо он, желая, может быть, угодить властителю, постарался искусством сделать подобие покрасивее; 20 а народ, увлеченный красотою отделки, незадолго пред тем почитаемого, как человека, признал теперь божеством. 21 И это было соблазном для людей, потому что они, покоряясь или несчастью, или тиранству, несообщимое Имя прилагали к камням и деревам. 22 Потом не довольно было для них заблуждаться в познании о Боге, но они, живя в великой борьбе невежества, такое великое зло называют миром. 23 Совершая или детоубийственные жертвы, или скрытные тайны, или заимствованные от чужих обычаев неистовые пиршества, 24 они не берегут ни жизни, ни чистых браков, но один другого или коварством убивает, или прелюбодейством обижает. 25 Всеми же без различия обладают кровь и убийство, хищение и коварство, растление, вероломство, мятеж, клятвопреступление, расхищение имуществ, 26 забвение благодарности, осквернение душ, превращение полов, бесчиние браков, прелюбодеяние и распутство. 27 Служение идолам, недостойным именования, есть начало и причина, и конец всякого зла, 28 ибо они или веселясь неистовствуют, или прорицают ложь, или живут беззаконно, или скоро нарушают клятву. 29 Надеясь на бездушных идолов, они не думают быть наказанными за то, что несправедливо клянутся. 30 Но за то и другое придет на них осуждение, и за то, что нечестиво мыслили о Боге, обращаясь к идолам, и за то, что ложно клялись, коварно презирая святое. 31 Ибо не сила тех, которыми они клянутся, но суд над согрешающими следует всегда за преступлением неправедных.

[5] Гл. перадусім Муд 14:23-28. Незалежна ад габрэйскіх крыніцаў, ёсьць дастаткова сьведчаньняў аб практыках, зьвязаных з культамі розных бостваў: Кібэлы, Мітра і г.д., – і іх пашыранасьцю ў антычным сьвеце. На гэтую тэму гл. надзвычай цікавы тэкст “Romans 1:22-28: Paul, the Goddess Religions and Homosexuality” Джэрэмі Таўнсьлі.

[6] Клямэнт Александрыйскі. Paedagogos, 2.10.87, 3.3.21.3. (Пер. з анг.)

[7] У 2002 г. у паўночнай Ангельшчыне былі знойдзеныя парэшткі такога кастраванага рымскага сьвятара, узоры на вопратцы якога ўказвалі на культ Кібэлы. Вось што BBC напісала пра гэтую падзею: “На поўначы Ёрскага графства археолягі знайшлі шкілет пераапранутага еўнуха з IV стаг. н.ч. Знаходка здарылася падчас раскопак рымскага паселішча ў Катэрык, якія пачаліся яшчэ ў 1958. Шкілет у жаночай вопратцы і з упрыгожваньнямі, паводле археолягаў, належыў еўнуху-сьвятару, які пакланяўся ўсходняй багіні Кібэле.”

Дадатак

Рым 1:14-2:5 Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным; дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме. Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю. Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе. Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім; бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх: кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў. Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою. Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін. Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае. Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд. I, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну, і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй[. Яны] напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі; яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком, неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя. Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць. Дык няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе: бо робіш тое самае, асуджаючы. А мы ведаем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць. Няўжо-ж думаеш ты, чалавеча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж? Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разумеючы, што дабрата Божая вядзе цябе да пакаяньня? Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суда ад Бога. (Пер. А. Луцкевіча)

Разуменьне, прадстаўленае ў гэтай гутарцы, насьпявала цягам доўгага часу і я асабліва ўдзячны за дапамогу й ідэі, якія я знаўшоў у творах Томаса Ханкса (Буэно-Айрэс) і Ральфа Блэйра (Нью-Ёрк Сіці), выступе Тоні Камполё на Грынбэлце ў 2001 г., вэб-сайце Джорджа Хопэра, некаторых камэнтарах Эндру Гадарда (Ўікліф Хол, Оксфард), працы Джэрэмі Таўнсьлі (Унівэрсітэт Грэйгтаўна, Бэрклі – гл. спасылку 5) і кнізе Даніэля Хэлміняка “What the Bible really says about homosexuality” (New Mexico: Alamo Square, 2000). Мая удзячнасьць, безумоўна, не азначае іх згоды з усімі маімі думкамі. – Аўтар.

Дадзеная гутарка была падрыхтаваная для Жаночага тэалягічнага цэнтру ў Балтыморы, ЗША. Беларускі пераклад уяўляе сабой нязначна скарочаны і адаптаваны для публікацыі варыянт тэксту. – Перакладчык.


© James Alison, Лёндан, студзень 2004 г. Пераклад на беларускую Ігара Іванова.